ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў літаратуразнаўстве,

навуковы кірунак, што склаўся ў Зах. Еўропе і Расіі на аснове філасофіі пазітывізму ў апошняй чвэрці 19 ст. і існаваў да 1920-х г. Асн. прадметам вывучэння быў унутр. бок маст. творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню твора, і працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача. П.ш. мела пашырэнне ў зах.-еўрап. эстэтыцы (В.​Вунт, В.​Вец, І.​Фолькельт, Э.​Эльстэр у Германіі, С.​Жырардэн у Францыі), дзе моцным быў яе псіхафізіялагічны кірунак, што перабольшваў ролю біял. фактараў у эстэт. дзейнасці чалавека і паўплываў на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда. Грунтоўна, на ўзроўні навук.-пазітыўнага пазнання тут вывучалася псіхалогія творчасці, значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. У рус. літ.-знаўстве П.ш. прадстаўлялі А.​А.​Патабня і яго вучні — Дз.​М.​Аўсяніка-Кулікоўскі, Т.​Райнаў, М.​С.​Грыгор’еў і інш. П.ш. працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы — пра сувязі л-ры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства або асяроддзя (разумеючы яго як дыферэнцыраванае цэлае, што па-рознаму ўздзейнічае на мастака — асобу псіхалагічна непаўторную) і на першы план у маст. творчасці ставіла індывідуальны аўтарскі пачатак. Паводле канцэпцыі П.ш., творчы працэс — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральна-псіхал. грузу, цяжару думак і пачуццяў; сакрэты творчасці — у таямніцах аўтарскага «я», складанасці яго інтэлектуальна-душэўнага комплексу. Грамадская абумоўленасць маст. творчасці для іх была другарадным фактарам, бо лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Паняцце «ўнутранай формы слова» (сінонім паняцця «вобраз»), якое ўвёў у навук. ўжытак Патабня, стала стрыжнем яго паэтыкі, дзе праблемы лінгвістыкі і літ.-знаўства разглядаліся непадзельна. Аўсяніка-Кулікоўскі вылучаў 2 тыпы творчасці — назіральны (рознабаковае, больш дакладнае, праўдападобнае адлюстраванне) і эксперыментальны (аднабаковае, больш умоўнае). Ён расчляняў л-ру на вобразную (эпас і драма) і лірычную (лірыку) і тлумачыў апошнюю як асобны від творчасці, што аперыруе не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, што ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. П.ш. праяўлялася, хоць і скупа, у бел. літ.-знаўстве ў 2-й пал. 1920-х г. як процідзеянне вульгарна-сацыялаг. канцэпцыям. А.​Бабарэка, абгрунтоўваючы эстэт. сутнасць л-ры і навук. асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхал. фактару, ролю аўтарскага ўяўлення ў літ. творчасці («З далін на ўзвышшы», «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» і інш.). З індывід. псіхалогіяй пісьменніка лічыўся і М.​Піятуховіч («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», 1928). І.​Замоцін ідэі П.ш. прымаў як элемент сінтэзу яго літ.-знаўчай тэорыі. На іх абапіраўся М.​Каспяровіч, раскрываючы ўнутр. складанасць творчасці пісьменнікаў («Матывы барацьбы ў творчасці М.​Багдановіча» і інш.).

Літ.:

Потебня А. Мысль и язык. 5 изд. Харьков, 1926;

Осьмаков Н.В. Психологическое направление в русском литературоведении: Д.​Н.​Овсянико-Куликовский. М., 1981;

Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Конан У. Адам Бабарэка. Мн., 1976.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)